СА СТАРАЖЫТНАЙ СЯКЕРАЙ НА ЗАНЯТКІ: ВІЗУАЛІЗАЦЫЯ Ў ДЗЕЯННІ

  • Печать

Дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Антон Ігнатовіч працягвае ўкараняць у навучальны працэс вынікі навуковага даследавання візуалізацыі навучальнай інфармацыі, якое рэалізаваў у мінулым годзе разам з начальнікам кафедры маёрам міліцыі Сяргеем Венідзіктавым. Антон Яўгенавіч адзначае:

- Вывучаючы гісторыю, часам вельмі цяжка ўявіць сабе пэўныя працэсы, што адбываліся ў мінулым. Таму адным з найлепшых сродкаў у вывучэнні гісторыі выступае візуалізацыя. Тэкст ёсць тэкст, але ж без карты, схемы, малюнка не абыйсціся.

DSC09626 DSC09632 DSC09627

На занятках па гісторыі, што праводзіць Антон Ігнатовіч на першым курсе, звыклай практыкай стала дэманстрацыя і аналіз відэа- і фотадакументаў, гістарычных карцін, плакатаў. С асаблівай цікавасцю курсанты ўспранялі скрайбінг – тэхніку стварэння візуальных вобразаў, калі дакладчык ілюструе свой аповяд малюнкамі на дошцы або лісце паперы. Асновай звычайна з'яўляюцца структурна-лагічныя схемы, колы Эйлера, дыяграмы, таймлайны. Замалёўкі могуць уключаць нават элементы коміксаў, калі ў курсантаў ёсць такія творчыя здольнасці. Важна, што курсанты актыўна бяруць метады на ўзбраенне і актыўна выкарыстоўваюць іх пры адказах на семінарах.

Між тым, сёлета ў перашкурснікаў з'явілася магчымасць не толькі пабачыць плакаты, кінастужкі, карціны, але і патрымаць у руках пэўныя артэфакты. Так, старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Раман Галынскі падчас правядзення семінарскіх заняткаў па гісторыі беларускай дзяржаўнасці і гісторыі дзяржавы і права замежных краін дэманструе археалагічныя матэрыялы.

- Разнастайныя рэчы, здабытыя пры археалагічным ці этнаграфічным вывучэнні Магілёўшчыны пакуль яшчэ не прайшлі паўнавартаснае навуковае вывучэнне і не патрапілі ў музейныя фонды. Але яны ўжо зараз дапамагаюць курсантам сапраўды дакрануцца да мінулага, - распавядае Раман Дзмітрыевіч.

DSC09618 2 DSC09625

Так, вывучаючы этнагенэз беларусаў ці падзеі часоў сярэднявечча, альбо першай паловы ХХ ст., курсанты знаёмяцца з адпаведнымі археалагічнымі і этнаграфічнымі артэфактамі. Сярод іх і каменная сякера часоў бронзавага веку, і зашпілька-фібула Х–ХІІІ стст., і арабская манета, якую прывезлі на нашы землі вікінгі, і нават годны да выкарыстання карабок з савецкімі запалкамі 1970-х гг.

Курсанты з дапамогай падобнага нагляднага матэрыялу ўдасканальваюць сваё разуменне айчыннай і сусветнай гісторыі. Добрыя веды, набытыя праз дотык да мінулага, павінны дапамагчы і на экзаменах.

Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Фота Варвары Чыж