АД ЭСЭ – ДА КУРСАВОЙ РАБОТЫ. ЛАЙФХАКІ ДЛЯ ПЕРШАКУРСНІКАЎ

  • Печать
Канферэнцыя "Методыка і правілы падрыхтоўкі пісьмовых работ", арганізаваная кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і вучэбна-метадычным аддзелам інстытута, прайшла трэці год запар. Нагода – практычная: практыка мінулых галоў паказала, што самастойна напісаць эсэ ці падрыхтаваць якасны рэферат здольны не кожны першакурснік. І каб выкладчыкі не мелі пытанняў ні да зместу, ні да афармлення работ і іх унікальнасці, прайшоў "інструктаж" у выглядзе канферэнцыі.
DSC06259 DSC06279

Фармат – не зусім стандартны. Разабрацца ў інструкцыях, стандартах і правілах першакурснікам дапамагалі пакрокава: у выглядзе своеасаблівых "лайфхакаў" ад выкладчыкаў і курсантаў. Намеснік начальніка вучэбна-метадычнага аддзела Аляксандр Базылёнак пазнаёміў навучэнцаў з інструкцыяй па падрыхтоўцы пісьмовых прац. Дацэнты кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Ірына Лукашкова і Ала Шубадзёрава распавялі аб выніках выканання пісьмовых работ у мінулым годзе і аб тыповых памылках, якіх лёгка пазбегнуць. Дацэнт Антон Ігнатовіч прапанаваў цікавы досвед напісання эсе на падставе візуальных аб'ектаў, напрыклад, постэраў. Выкладчык Яўген Іваноў правёў майстар-клас па выкарыстанні адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў праверкі на плагіят.

Сваім вопытам падрыхтоўкі пісьмовых прац падзяліліся і найбольш падрыхтаваныя курсанты. Ад першакурснікаў Мікіты Саулава і Варвары Няхаевай – парады ў падрыхтоўцы эсэ без выкарыстання Інтэрнэту. Другакурсніца Руслана Бутоніна распавяла аб тым, як здолела атрымаць выдатныя адзнакі за ўсе пісьмовыя працы. А курсант трэцяга курса Аліна Яшчанка прапанавала свой пералік "лайфхакаў" для напісання эсэ, рэфератаў і курсавых работ. Тое, што парады працуюць, відаць з рэйтынгу дакладчыкаў: выступоўцы – сярод лепшых курсантаў інстытута.

DSC06287 DSC06273

Вынікі канферэнцыі падвёў начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргей Венідзіктаў. Ці прыслухаліся курсанты да парад, будзе відаць зусім хутка: неўзабаве навучэнцам давядзецца рыхтаваць да праверкі эсэ і рэфераты. Што да агульнай адзнакі такой сустрэчы з выкладчыкамі, дык яна з боку будучых праваахоўнікаў цалкам станоўчая.

Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Фота Варвары Чыж