МАШЭРАЎСКІ АГІТМАРАФОН – ПА МАГІЛЁЎСКІХ МЯСЦІНАХ

  • Печать

Агітмарафон «Мы памяці гэтай верныя» прымеркаваны да 105-годдзя з дня нараджэння П.М.Машэрава, 85-годдзя агітпераходу студэнтаў Віцебскага педагагічнага інстытута, 85-годдзя Віцебскай вобласці і 105-годдзя Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. У яго межах студэнты і выкладчыкі Віцебскага дзяржуніверсітэта наведваюць навучальныя ўстановы і памятныя мясціны Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Міншчыны.

DSC00929 DSC00944

Візіт у Магілёўскі інстытут МУС распачаўся з экскурсіі па гісторыка-дэманстрацыйнай зале і працягнуўся круглым сталом «Легендарныя імёны Беларусі. П.М.Машэраў», арганізаваным сумесна з кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Госці распавялі аб сваім праекце і падзяліліся навіной: у Магілёве яны адшукалі блізкіх сваякоў Машэрава, якіх плануюць наведаць.

Наступная частка – узнагароджванне курсантаў, якія сталі пераможцамі конкурса «Зямлі роднай куток». Дыпломамі другой ступені ўзнагароджаны першакурснікі Павел Сігееў (намінацыя «Фотапраект») і Аляксандр Кавалёў (намінацыя «Малавядомыя аб'екты гістарычнай спадчыны Беларусі»). Дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны курсант 2 курса Іван Сільчанка (намінацыя «Фотапраект»). Падрыхтавалі курсантаў дацэнты кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Антон Ігнатовіч і Ала Шубадзёрава. Кафедру таксама адзначылі падзякай ад імя кіраўніцтва Віцебскага ўніверсітэта.

DSC0095711 IMG 5924

Наступная кропка агітмарафона – мемарыял воінам батальёна міліцыі капітана К.Г.Уладзімірава каля вёскі Гаі. Разам з курсантамі машэраўцы ўсклалі кветкі. Аб гісторыі ваенных падзей даведаліся ад курсанта Дзяніса Герасімава і начальніка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргея Венідзіктава. Далей па маршруце – краязнаўчы музей, мемарыял «Буйніцкае поле» і сустрэча са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых тэхналогій. Што да супрацоўніцтва Віцебскага ўніверсітэта з Магілёўскім інстытутам, дык яно традыцыйна працягнецца ў навуковай і творчай сферы.