ВІЗІТ У «ВЯЛІКІ КАМЕНЬ» – УРАЧЫСТЫ І АДУКАЦЫЙНЫ

  • Печать

У кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» накіравалася дэлегацыя з ліку курсантаў і прадстаўнікоў кафедр сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і адміністрацыйнай дзейнасці. Фармальная нагода – Дзень народнай паліцыі Кітая, які святкуецца 10 студзеня – сабрала ў Цэнтры паліцэйскага супрацоўніцтва прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, мінскай міліцыі, кіраўніцтва індустрыяльнага парка.

IMG 5665 IMG 5730 IMG 5762

У прэс-цэнтры «Вялікага камня» гасцям прапанавалі прэзентацыю аб дзейнасці кітайскай паліцыі, кароткае знаёмства з яе гісторыяй і дасягненнямі ў ХХІ стагоддзі. Дарэчы, прафесійнае свята кітайскія праваахоўнікі святкуюць толькі з 2021 года, а дата абрана сімвалічная: дзясяты дзень першага месяца года адпавядае экстранаму нумару «110» у КНР. Віншаванні з гэтам днём прагучалі і ад прадстаўнікоў інстытута: начальніка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргея Венідзіктава і выкладчыка гэтай кафедры Яўгена Іванова, намесніка начальніка кафедры адміністрацыйнай дзейнасці Аляксандра Лубянкова.

IMG 5809 IMG 5839

Для курсантаў мерапрыемства стала выдатнай нагодай бліжэй пазнаёміцца з працай замежных праваахоўнікаў, задаць пытанні і атрымаць моўную практыку: у асноўным размаўлялі па-англійску. Акрамя таго, перад паездкай курсанты атрымалі творчае заданне: па выніках візіту напісаць невялікую краіназнаўчую справаздачу на англійскай мове. З гэтым справіліся на «выдатна».

Бонусам да візіту стала наведванне павільёнаў індустрыяльнага парка і прамысловых прадпрыемстваў, што працуюць у «Вялікім камні». Прынамсі, курсанты наведалі прадпрыемства FAST, дзе вырабляюць трансмісіі для грузавых аўто, і паназіралі за тэхналагічным працэсам на ўсіх этапах.

IMG 5875 IMG 5897

Супрацоўніцтва Магілёўскага інстытута МУС з Кітаем распачалося летам 2022 года з візіту кіраўніцтва Цэнтра паліцэйскага супрацоўніцтва «Вялікага камня» ў нашу навучальную ўстанову. Узаемадзеянне будзе працягвацца: у планах – сумесныя адукацыйныя праекты з удзелам курсантаў і выкладчыкаў.

Па матэрыялах кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін