ЭСЭ І РЭФЕРАТ – НА "10". ЛАЙФХАКІ ДЛЯ ПЕРШАКУРСНІКАЎ

  • Печать
Канферэнцыя "Методыка і правілы падрыхтоўкі пісьмовых работ", арганізаваная кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і вучэбна-метадычным аддзелам інстытута, прайшла другі год запар. Нагода – практычная: практыка мінулых гадоў паказала, што самастойна напісаць эсэ ці падрыхтаваць якасны рэферат здольны не кожны першакурснік. І каб выкладчыкі не мелі пытанняў ні да зместу, ні да афармлення работ, прайшоў "інструктаж" у выглядзе канферэнцыі.
IMG 3648 IMG 3694 IMG 3665
Фармат канферэнцыі – не зусім стандартны. Разабрацца ў інструкцыях, стандартах і правілах першакурснікам дапамагалі пакрокава: у выглядзе своеасаблівых "лайфхакаў" ад выкладчыкаў і курсантаў. Намеснік начальніка вучэбна-метадычнага аддзела Аляксей Сцепанец пазнаёміў навучэнцаў з інструкцыяй па падрыхтоўцы пісьмовых прац, што дзейнічае ў інстытуце. Дацэнты кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Ірына Лукашкова і Ала Шубадзёрава распавялі аб выніках выканання пісьмовых работ у мінулым навучальным годзе і аб тыповых памылках, якіх лёгка пазбегнуць. Дацэнт Антон Ігнатовіч прапанаваў цікавы досвед напісання эсе на падставе візуальных аб'ектаў, напрыклад, постэраў. Выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Яўген Іваноў правёў майстар-клас па выкарыстанні адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў праверкі на плагіят.
IMG 3680 IMG 3704
Сваім вопытам падрыхтоўкі пісьмовых прац падзяліліся і найбольш падрыхтаваныя курсанты. Ад першакурснікаў Русланы Бутонінай і Анастасіі Лаўровай – парады ў падрыхтоўцы эсэ без выкарыстання Інтэрнэту. Другакурснік Аліна Яшчанка распавяла аб шкодных звычках у выкананні курсантамі творчых заданняў і прывяла рэйтынг "антыпарад". А курсант чацвёртага курса Дзмітрый Якаўчык прапанаваў свой пералік "лайфхакаў" для стварэння ўнікальных тэкстаў па любой навучальнай дысцыпліне. Тое, што парады працуюць, відаць з рэйтынгу дакладчыкаў: выступоўцы – сярод лепшых курсантаў інстытута.

Вынікі канферэнцыі падвёў начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргей Венідзіктаў. Ці прыслухаліся курсанты да парад, будзе відаць зусім хутка: неўзабаве навучэнцам давядзецца рыхтаваць да праверкі эсэ і рэфераты. Што да агульнай адзнакі такой сустрэчы з выкладчыкамі, дык яна з боку будучых праваахоўнікаў цалкам станоўчая.

Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін