БЕЛАРУСКАЯ ДЫКТОЎКА – У ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

  • Печать

"Беларуская дыктоўка" прайшла ў Магілёўскім інстытуце МУС ўпершыню. Для курсантаў – гэта добрая нагода праверыць сваё веданне роднай мовы і агульную пісьменнасць, для выкладчыкаў – нагадаць пра важнасць беражлівага стаўлення да нацыянальнай спадчыны.

Кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін запрасіла да ўдзелу курсантаў 1 і 2 курсаў факультэта міліцыі. Малодшым літаральна праз два тыдні пачынаць вывучэнне дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", старэйшыя – моўныя курсы скончылі яшчэ ў мінулым годзе.

DSC00285 DSC00289 DSC00300

Тэксты для дыктоўкі – не самыя складаныя, але арыентаваныя на прафесію праваахоўнікаў. Пра статуты ВКЛ і Канстытуцыю Беларусі дыктавалі дацэнты Ала Шубадзёрава і Вольга Лукіна. Старонка на беларускай мове не кожнаму далася проста, але за напісанне курсанты ўзяліся з імпэтам. Тут не будзе адзнак у залікоўку, можна нават не падпісваць лісты. Галоўнае – нагадаць самому сабе, якая мова завецца роднай.

Вынікі "Беларускай дыктоўкі" падвядуць пасля праверкі ўсіх работ, да якой запрасілі далучыцца і курсантаў. Лепшых з іх чакаюць узнагароды ад кафедры.

Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
Фота Кірыла МАРЖАНАВА