СУМЕСНАЯ НАВУКА – ДЗЕЛЯ ЎШАНАВАННЯ ПАМЯЦІ

  • Печать

Напярэдадні Дня памяці і смутку кафедра гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага універсітэта харчовых і хімічных тэхналогій і кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь правялі круглы стол «80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Магілёва».

У працы круглага стала прынялі ўдзел аўтарытэтныя магілёўскія гісторыкі і сацыёлагі, а таксама магістранты і студэнты – усе, каму неабыякава гісторыя Вялікай перамогі савецкага народа над нацызмам, пачатак якой быў пакладзены, у тым ліку, і гераічнай абаронай Магілёва ў чэрвені 1941 года.

20210618 105920 20210618 121421 IMG 20210618 105920 22

Вядучы круглага стала – Юрый Бубнаў, загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага універсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, доктар сацыялагічных навук, прафесар – у прывітальным слове адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Прадстаўнікі Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь выступілі з дакладамі. Дацэнт Аляксандр Вараб'ёў распавёў аб ўвядзенні ў абарот тэрміна «дняпроўскі вал» і аб прычынах яго немэтазгоднасці. Даследчык адзначыў, што арганізаваць сістэму абароны на ўсёй працягласці Дняпра ва ўмовах ўжо распачатай вайны і адступлення Чырвонай арміі было немагчыма, але гэта ні ў якім разе не прымяншае подзвіг абаронцаў Магілёва. Дацэнт Антон Ігнатовіч расказаў аб асаблівасцях вобразаў пачатковага этапу Вялікай Айчыннай вайны ў плакатах. Дарэчы, вынікі яго навуковай працы актыўна выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе: курсанты інстытута выяўляюць узаемасувязі паміж малюнкамі і лозунгамі на плакатах і рэальнымі падзеямі 1941 года.

На мерапрыемстве актыўна абмяркоўваліся і іншыя тэмы: партызанскія лёсы абаронцаў Магілёва (у тым ліку супрацоўнікаў міліцыі, якія ўзначалілі партызанскія злучэнні), ўспрыманне сучаснымі студэнтамі Вялікай Айчыннай вайны, ушанаванне памяці пра вайну ў назвах вуліц і завулкаў Магілёва і інш.

Практыку сумесных круглых сталоў кафедры плануюць працягнуць восенню. На чарзе – абмеркаванне праблем інтэрнэт-залежнасці ў сацыялагічным і камунікатыўным ракурсе.

Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін