МОЎНАЯ КАМПЕТЭНТНАСЦЬ І ПРАКТЫКА-АРЫЕНТАВАНАЯ АДУКАЦЫЯ

  • Печать

У арганізаваным кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін завочным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 40 даследчыкаў. Гэта навукоўцы, выкладчыкі, аспіранты, студэнты і курсанты навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, Украіны (Кіеў, Запарожжа, Вінніца і інш.) і Расійскай Федэрацыі (Масква, Хабараўск, Санкт-Пецярбург, Белгарад і інш.). Тэматыка прадстаўленых на канферэнцыі даследаванняў закранае тэарэтычныя праблемы моўнай кампетэнтнасці ў працэсе міжкультурнай камунікацыі, анлайн-камунікацыю і моўную кампетэнтнасць, моўную культуру ў прававой сістэме, культурныя аспекты моўнай кампетэнтнасці ў прафесійнай камунікацыі, практычныя падыходы да фарміравання моўнай кампетэнтнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і інш.

DSC03441 DSC03451

На працягу апошняга тыдня красавіка адбыліся сеансы відэасувязі з удзельнікамі канферэнцыі з Беларусі і Расіі. Так, загадчык кафедры рускай і беларускай моў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Таццяна Васільева падзялілася вопытам арганізацыі дыстанцыйнага навучання з выкарыстаннем сістэмы Moodle і іншых адкрытых рэсурсаў.

Дацэнт кафедры замежных моў Дзяржаўнага ўніверсітэта касмічнага прыборабудавання (г. Санкт-Пецярбург) Юлія Галкоўская распавяла, як сумяшчае фарматы life- і online-камунікацыі ў адукацыйным працэсе. Прынамсці, для дыстанцыйных заняткаў з будучымі касмічнымі інжынерамі ствараецца ўласная адукацыйная платформа. Сваім вопытам выкладання замежных моў з выкарыстаннем інтэрнэт-сервісаў падзяліліся з калегамі супрацоўнікі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін інстытута Вольга Лукіна, Ганна Перунова і Яўген Іваноў.

Усе працы ўдзельнікаў канферэнцыі будуць выдадзены ў выглядзе зборніка навуковых артыкулаў.

Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Фота Марыны ГРАМЫКА