“ПРАФЕСІЙНАЯ ЭТЫКА” – У ДАПАМОГУ КУРСАНТАМ І СУПРАЦОЎНІКАМ

  • Печать

У выдавецтве Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы выйшаў у свет вучэбны дапаможнік па дысцыпліне "Прафесійная этыка", падрыхтаваны кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.

Распрацоўка начальніка кафедры капітана міліцыі Сяргея Венідзіктава і дацэнта кафедры Ірыны Лукашковай атрымала грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта першае выданне па дысцыпліне "Прафесійная этыка" ў інстытуце і адно з нешматлікіх у краіне.

Вучэбны дапаможнік "Прафесійная этыка" змяшчае асноўныя тэарэтычныя звесткі па дысцыпліне, метадычныя рэкамендацыі па самастойнай рабоце, планы семінарскіх і практычных заняткаў, заданні для самападрыхтоўкі, пытанні для самакантролю. У канцы выдання прыведзены гласарый, спіс крыніц для вывучэння і падборка матэрыялаў са СМІ і інтэрнэт-крыніц для самастойнага аналізу складаных этычных сітуацый. Прычым, знайсці матэрыялы ў газеце "На страже" дапамаглі самі супрацоўнікі ведамаснага выдання.

Дапаможнік адрасаваны курсантам і студэнтам юрыдычных спецыяльнасцей, якія атрымліваюць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым "Прафесійная этыка" будзе карыснай не толькі для навучэнцаў, але і для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў: у выданні падрабязна разгледжаны Загад Міністэрства ўнутраных спраў № 67 "Аб зацвярджэнні Правілаў прафесійнай этыкі...", маральныя патрабаванні да паводзін на службе і ў непрацоўны час, асаблівасці прафесійных зносін і небяспекі маральнай дэфармацыі.

У інстытуце дапаможнік з'явіцца на занятках у жніўні, калі вывучаць дысцыпліну "Прафесійная этыка" пачнуць першакурснікі падчас вучэбнага збору.

Па інфармацыі кафедры саціяльна-гуманітарных дысцыплін.