Адукацыйны дыялог у online-рэжыме

  • Печать

Начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магiлёўскага iнстытута МУС Сяргей Венідзіктаў прыняў удзел у І Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Медыяадукацыя" ("MEDIA"образование"), якая 29 лістапада ў online-рэжыме адбылася ў Чалябінскім дзяржаўным універсітэце. Мерапрыемства было арганізавана Асацыяцыяй спецыялістаў медыяадукацыі, Асацыяцыяй кінаадукацыі і медыяпедагогікі Расіі, вучэбна-навуковым цэнтрам медыяадукацыі факультэта журналістыкі Чалябінскага ўніверсітэта.

У межах online-сесіі канферэнцыі даследчыкі з Краснаярска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Чалябінска, Мінска і іншых гарадоў Расіі і Беларусі абмеркавалі пытанні развіцця сучасных медыяадукацыйных тэхналогій, праблемы і перспектывы прафесійнай медыяадукацыі, тэхналагічныя асновы станаўлення інфармацыйнага грамадства і іншыя актуальныя пытанні. Даклад Сяргея Венідзіктава быў прысвечаны развіццю грамадзянскай медыяадукацыі ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Замежных калег таксама зацікавіла практыка правядзення ў Магілёўскім інстытуце МУС міжнародных канферэнцый "Медыясфера і медыяадукацыя: спецыфіка ўзаемадзеяння ў сучаснай сацыякультурнай прасторы".

Па выніках работы канферэнцыі будзе выдадзены спецыяльны выпуск навуковага часопіса "Знак: праблемнае поле медыяадукацыі".

Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
Фото Любовi ШУМIЛКI