ГАВОРЫМ НА АДНОЙ МОВЕ – НАВАТ ЖЭСТАВАЙ

  • Печать

Вывучаюць жэставую мову супрацоўнікі органаў унутраных спраў з усёй Беларусі, якія праходзяць перапыдрыхтоўку па спецыяльнасці «Забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі». За два тыдні ім трэба набыць базавыя веды і навыкі для зносін з людзьмі, што маюць парушэнні слыху. Такія веды – умова ўзаемаразумення з самымі рознымі катэгорыямі грамадзян, што складаюць так званую «моўную меншасць».

DSC06389 DSC06405

Кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і супрацоўнікі факультэта для правядзення першых заняткаў запрасілі спецыялістаў з Магілёўскай абласной арганізацыі «Беларускае таварыства глухіх»: старшыню арганізацыі Рамана Харунжага, інструктара Вікторыю Ладоду і асноўнага выкладчыка – перакладчыка Таццяна Вашрову. Раман Харунжы зарыентаваў слухачоў у сучасных тэндэнцыях развіцця жэставай мовы, узгадаўшы праблемы, што існуюць у зносінах, а таксама даў парады: як міліцыянеру хутка зарыентавацца ў спецыфічных камунікатыўных умовах.

DSC06400 DSC06413

На практычных занятках, што праводзіць Таццяна Віктараўна, слухачы знаёмяцца са структурай і сімваламі нацыянальнай жэставай мовы, набываюць уменні ажыццяўляць сурдапераклад тэкстаў і вусных паведамленняў. Таксама фарміруецца мінімальны жэставы лексічны слоўнік, неабходны для зносін з людзьмі, што не чуюць. Гэта дапаможа ўстанавіць кантакт, даведацца аб сямейным стане, дапамагчы знайсці дарогу ў незнаёмых абставінах, аказаць медыцынскую альбо прававую дапамогу. Таксама слухачы атрымліваюць веды па спецыяльнай псіхалогіі і псіхалогіі міжасобаснага ўзаемадзеяння ў мікрасоцыуме людзей з парушэннямі слыху.

Залік, якім скончацца заняткі па дысцыпліне, – не фінальная кропка ў вывучэнні жэставай мовы. Многія слухачы выказваюць жаданне ўдасканальваць свае навыкі, каб размаўляць з грамадзянамі на адной мове – нават на жэставай.

Па інфармацыі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Фота Варвары Чыж