Свята яднання

  • Печать

У разгар «бабінага лета» на беразе ракі Раста ў Чавускім раёне прайшло спартыўна-турыстычнае свята для курсантаў, супрацоўнікаў Магілёўскага інстытута МУС і членаў іх сем'яў.

- Такое мерапрыемства інстытут праводзіць ужо трэці год запар, - кажа начальнік інстытута генерал-маёр міліцыі Валерый Палішчук. - З кожным годам удзельнікаў становіцца больш. І гэта важна, бо на такіх мерапрыемствах калектыў гуртуецца, а дружны калектыў працуе зладжаней і прадуктыўней.

Тое, што турзлёт стаў святам яднання, можна было ўбачыць адразу. Супрацоўнікі і курсанты сумесна ўладкоўвалі побыт, рыхтаваліся да конкурсаў, дапамагалі адзін аднаму словам і справай.

Спаборніцкая праграма для курсантаў пачалася з «Вясёлай эстафеты», дзе хлопцам і дзяўчатам давялося праходзіць дыстанцыю на руках, ведучы мяч, скачучы праз скакалку, прабягаць «чапляючы новыя вагоны». Кожная каманда паказала добры вынік, але ўсё ж першымі сталі курсанты 4 курса факультэта міліцыі.

Другім этапам стала спаборніцтва па валейболе, якое праходзіла па кругавой сістэме адразу на двух валейбольных палях. І тут наймацнейшай стала каманда 4 курса, якая сустрэлася з камандай супрацоўнікаў у суперфінале. Ва ўпартай барацьбе курсанты даказалі, што, калі вельмі захацець і прыкласці намаганні, то можна абыграць і вопытных афіцэраў.

Далей курсантаў чакаў «турыстычны квэст». Квэст складаўся з 10 этапаў. На кожным курсанты выконвалі пэўныя заданні, як на спрыт, гнуткасць і сілу, так і на логіку і творчасць. За кожнае выкананае заданне каманды атрымлівалі балы. Пераможцам стала каманда, якая набрала найбольшую колькасць ачкоў - каманда 3 курса «Патрыёты».

Адным з самых эмацыйных конкурсаў стала перацягванне ліны. Каманда кожнага курса хацела даказаць, што яна самая моцная, але атрымалася гэта толькі курсантам 4 курса факультэта міліцыі. У супергульне супраць пастаяннага складу iнстытута каманды былі на роўных, але маладосць і велізарнае жаданне перацягнуць афіцэрскі склад дапамаглі курсантам атрымаць перамогу.

IMG 7791 IMG 7969

На працягу ўсяго дня курсанты і супрацоўнікі рыхтаваліся да самага смачнага конкурсу «Лепшая паходная страва». Удзельнікі здзіўлялі суддзяў, не толькі цудоўным густам і незвычайнымі рэцэптамі страў, але і прыгожай падачай. Сярод пераменнага складу чарговую перамогу атрымала каманда 4 курса. А вось сярод афіцэраў лепшы пачастунак прыгатавала каманда «Зроблена ў СССР», у склад якой увайшлі супрацоўнікі кадравага падраздзялення, аддзела адукацыйных інфармацыйных тэхналогій і аддзела арганізацыйнай працы і прававога забеспячэння.

У конкурсе на лепшую арганізацыю быту таксама лепшымі сталі «Зроблена ў СССР», якія ўладкавалі свой бівак выкарыстоўваючы атрыбуты часоў савецкага саюза, і нават самі ўдзельнікі апрануліся ў «савецкіх турыстаў». Самы ўтульны побыт сярод каманд курсантаў ўдалося арганізаваць «Патрыётам» (3 курс).

Адной з важных падзей першага дня стаў творчы конкурс. Удзельнікі спявалі песні, гралі на музычных інструментах. Кожнае выступленне суправаджалася міні-спектаклем. Але лепшыя творчыя нумары на думку журы - у каманды «Зроблена ў СССР», каманды курсантаў 1 курса факультэта міліцыі і каманды «Піца», у якую ўвайшлі супрацоўнікі медслужбы, аддзелаў фінансаў і тылу, а таксама аддзела арганізацыі навуковай, міжнароднай і выдавецкай дзейнасцяў, вучэбна-метадычнага аддзела.

Завяршыўся першы дзень святочнай дыскатэкай з песнямі мінулых гадоў і пышным феерверкам.

Другі дзень для многіх удзельнікаў спаборніцтваў пачаўся яшчэ да світання - узяўшы рыбалоўныя снасці мужчыны пайшлі на яшчэ з вечара задуманыя месцы. Кожны з іх імкнуўся злавіць як мага больш рыбы і выйграць у конкурсе рыбацкага майстэрства. Але, як і ў мінулым годзе, лепшым рыбаком стаў падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Пануждаеў (каманда факультэта міліцыі), якi злавіў важкага шчупака.

А пакуль адны сядзелі на беразе Расты з вудамі, іншыя ўдзельнікі свята з першымі прамянямі сонца накіраваліся ў лес за грыбамі. І тут лепшай стала каманда факультэта міліцыі, прадстаўнікі якой сумеснымі намаганнямі набралі найбольшую колькасць дарункаў лесу і па праве атрымлі перамогу ў конкурсе грыбнікоў.

IMG 8285 IMG 8520 IMG 7875

Факультэт міліцыі стаў лепшым і ў конкурсе футбольных пенальці - старшына факультэта прапаршчык міліцыі Дзяніс Варэнікаў забіў у вароты супернікаў найбольшую колькасць мячоў.

Па выніках двух дзён у агульнакамандным заліку першыя месцы занялі каманда курсантаў 4 курса факультэта міліцыі і каманда супрацоўнікаў інстытута «Піца».

У ходзе ўсіх спаборніцтваў ўдзельнікі спартыўна-турыстычнага свята не толькі паказалі сваё спартыўнае майстэрства, але і праявілі вялікую цікавасць, прадэманстравалі згуртаванасць сваіх калектываў. Два дні прынеслі ім незабыўныя ўражанні, добры настрой, зарад бадзёрасці і жаданне сустрэцца зноў на чарговым падобным свяце ў натупным годзе.

Любоў ШУМІЛКА
Фота Дзмітрыя ГУСЕВА, Уладзіслава ШЭБАШЭВА