Погляд курсантаў на псіхалогію назвычайных сітуацый

  • Печать

21 мая 2015 г. у Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Надзвычайныя сітуацыі: тэорыя і практыка". У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі, аспіранты (ад'юнкты), студэнты і курсанты, якія прадстаўлялі 34 адукацыйныя і навуковыя ўстановы Беларусі, Украіны, Арменіі і Расіі (усяго 282 ўдзельнікі).

Удалым атрымаўлся ўдзел у канферэнцыі навуковага гуртка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у працы секцый "Псіхолага-педагагічныя і арганізацыйна-прававыя аспекты забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці" і "Інфармацыйныя тэхналогіі ў забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці". Падрыхтаваныя курсантамі даклады (навуковы кіраўнік – старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Венідзіктаў) былі ўключаны ў праграму мерапрыемства.

Арганізатары адзначылі актуальнасць праблематыкі навуковых прац курсантаў: "Уплыў сацыяльнай рэкламы на фарміраванне бяспечных паводзінаў" (сяржант міліцыі Аляксандр Калыска), "Фарміраванне ўстаноўкі на выжыванне ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў" (сяржант міліцыі Аляксандр Крол), "Ад супярэчнасці да прыняцця: псіхалагізм прававых нормаў у сферы бяспечных паводзінаў" (сяржант міліцыі Дзмітрый Нехін), "Феномен "дарожнага гіпнозу": фактары і метады процідзеяння" (сяржант міліцыі Валянцін Цейкін).

Па выніках выступлення на канферэнцыі дыпломам "За лепшы даклад на секцыі" Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Надзвычайныя сітуацыі: тэорыя і практыка" быў узнагароджаны курсант 4 курса факультэта міліцыі сяржант міліцыі Аляксандр Калыска. Дыпломамі "За актыўны ўдзел" былі ўзнагароджаны сяржанты міліцыі Валянцін Цейкін, Дзмітрый Нехін і Аляксандр Крол.

Навуковыя даклады курсантаў Магілёўскага інстытута МУС былі апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.